понедельник, 21 марта 2011 г.

Эсе Алёны Арцёмавай.

Сучасны свет поўніцца ідэямі і дасягненнямі, якія выклікаюць захапленне чалавецтва, здольныя здзівіць кожнага з нас асабіста і як прадстаўніка той ці іншай сферы дзейнасці. Новае адкрыццё, плынь у мастацтве, навуковая тэорыя, удалы вопыт фізікаў і генетыкаў – усё гэта зачароўвае, уздымае не новую вышыню, дзе ўсё падаецца такім магчымым і верагодным, і вось ужо жывое і новае адчуванне палёту ахоплівае нас, і мы лунаем сярод аблокаў, і не спыняемся на адной пэўнай вышыні, і не памятаем пра звычайнае існае, і ганарымся...


Колькі чалавечых памкненняў да лепшага скончылася аднолькава, колькі палётаў былі толькі сном, так, адным з тыз сноў, якія толькі падаюцца рэальнымі. Колькі шкоды прынеслі нашыя геніальныя планы, і колькі ўжо разоў людзі  не здолелі справіцца з наступствамі жывой прыроднай  стыхіі, якая не прызнае нашых штучных цацак. Яна, як мама, выкідае іх як мага далей і звяртаецца да чалавека са словамі: “Ну, дзетка, ты ўжо вялікі хлопчык. Хіба ты не бачыш, што прыйшоў час вырасці? Вучыся.”

А мы усё шукаем новых дасканалых механізмаў і спалучэнняў метадаў, новых магчымасцяў, новых патрэб, новых залежнасцей ад новых рэсурсаў...Мы столькі ўсяго стварылі, што самі ўжо не ў стане ва ўсім гэтым разабрацца. Мы ўцякаем ад  саміх сябе – нам страшна, але хочацца болей, бо мы не можам спыніцца, таму што не гледзячы на ўсе свае горшыя якасці, мы – ТАЛЕНАВІТЫЯ.

Талент – здольнасть ствараць новае. Інавацыя – здольнасць ствараць новае як каштоўнасць. Для эканомікі гэта прыводзіць да падвышэння прыбытку, у вытворчай сістэме адбываецца ўзрастанне эфектыўнасці, палітычная сфера пры ўсёй сваёй разгалінаванасці і іерархіі імкнецца спрасціць працэдуру пераўтварэння рашэння ў дзеянне.

Што ж тычыцца адукацыі, у тым ліку і нефармальнай, інавацыя тут адыгрывае асаблівую ролю. “Ну, дзетка, ты ўжо вялікі хлопчык. Хіба ты не бачыш, што прыйшоў час вырасці? Вучыся.” Як і чаму вучыцца ў сёняшнем коле неверагодных магчымасцей і ведаў? Канешне, можна нібы та вучыцца ўсяму адразу, што сёння, па сутнасці, і адбываецца, потым, пабачыўшы, да чаго ёсць здольнасць, выбіраць адпаведны курс ва ўніверсітэце....Але ж гэта абсалютна неразумна! 

Столькі часу і сілаў патраціць на вызначэнне таго, чым НЕ БУДЗЕМ ЗАЙМАЦЦА (!) – адзінаццаць год жыцця. Потым яшчэ пяць на тое, што, здаецца, падабаецца. І толькі пасля, толькі пасля мы, стомленныя і змучаныя хаатычным палётам людзі звяртаем увагу на тое, а ці патрэбна тое было, а ці нашае гэта ўвагуле было памкненне – ісці такім, а не іншым шляхам. Парадокс – мы звяртаем увагу на матывацыю да дзеяння толькі пасля таго, як гэтае дзеянне, якое не было нам патрэбна, ажыццявілі! Найбольш багаты на пачуцці і творчасць адрэзак нашага жыцця мы ўжо патрацілі на нішто, а штосьці мы пачынаем ствараць пазней, з зусім іншым запасам сіл і творчысці, а потым яшчэ здзіўляемся – чаму новыя вынаходніцтвы ўчынілі больш шкоды, чым карысці.

Таму што трэба пачаць з матывацыі. Кожную справу, якая падабаецца. Гэта не абавязкова павінна быць уратаванне свету і космасу. Дастаткова, калі гэта проста будзе слаўная невялікая думка, якая  не пусціць гэты свет пад адхон чарговы раз. Якая зробіць невялікую добрую справу без жудасных глабальных следстваў. 

Сапраўдныя інавацыйныя метады  працы даюць магчымасць дасягнуць такой раўнавагі. Мне нават падаецца, што раўнавага ў думках і дзеяннях чалавека, якімі з’яўляюцца праекты і вынаходніцтвы, паходзіць з іннавацыі - «Innovatio» — «в направлении изменений» самога чалавека і чалавецтва. Такім перыядам з’яўляецца час, калі мы самі знаходзімся «в направлении изменений», калі нам ужо не 17, але яшчэ не 37, і мы ўсё яшчэ мяняемся, і нам падаецца, што мяняемся да лепшага. Заўважце – важна мяняцца да лепшага самім, а не проста ўдасканальваць тэхналогіі і машыны вакол. Важна не проста ствараць новае, а СТВАРАЦЬ НОВАЕ як праўдзівую каштоўнасць - інавацыю. 

Менавіта таму для мяне важна карыстацца інавацыйнымі формамі працы з моладзю. Мне важна, каб яны стваралі новае ў сабе, тым самым ажыццявіўшы лепшае ў іншых людзях.

Комментариев нет:

Отправить комментарий